пятніца, лістапада 03, 2006

ХТО КІРУЕ СУСЬВЕТАМ — ДЭМАС ЦІ ТЭАС?

Фэльетон Алега Аблажэя "Гот міт унс"
http://vilnia.com/index.php/2006/11/03/40/

Згодны абсалютна.

Наконт "хрысьціянскіх дэмакратаў" таксама. Я ўжо аднаму зь іх казаў аб гэтым. Пры ўсёй павазе да Севярынца, Шэіна і іншых, хто стварае гэтую партыю... ну ніяк ня стыкуецца "хрысьціянства" і "дэмакратыя". Дэмакратыя выляпіла залатое цяля ў адсутнасьць Майсея. А каго яна выляпіла ў 94-м, таксама вядома. Рэфэрэндум аб укрыжаваньні Хрыста быў таксама працэдураю стопрацэнтова дэмакратычнаю.

Не, я не за дыктатуру. Я за ТЭАкратыю. І за Чэрчыля. "Democracy is the worst form of government, except for all those other forms that have been tried from time to time." (from a House of Commons speech on Nov. 11, 1947)
"Дэмакратыя — найгоршая форма кіраваньня, калі ня лічыць усе іншыя формы, якія людзі час ад часу ўжывалі".

А два апошніх артыкулы Аблажэя мяне вельмі ўзрадавалі
(+ http://vilnia.com/index.php/2006/10/26/36/).

Як прыемна ў наш час "партыйнае арганізацыі й партыйнае літаратуры" прачытаць нешта простае, яснае і цьвярозае. Лягчэй жыць становіцца.

аўторак, кастрычніка 03, 2006

ШТО НАМ "ГНАЛІ"!!!

Чытаю "Зборнік сучасных беларускіх п'ес" (сучаснымі яны былі ў 1977 годзе, у гады маёй маладосьці). Што нам "гналі"!!! Ну ладна, "Брама неўміручасці", "Трыбунал"... там, у прынцыпе, усё панятна. Але "Зацюканы апостал" — гэта сівая кабыла надыктоўвала Макаёнку, сумненьняў няма.

"Сучасная кватэра накормленага чыноўніка". Чыноўнік жыве на "загніваючым Захадзе". Але загнівае ён чамусьці "на трэцім паверсе", а не ва ўласным катэджыку. Тым больш у доме, пэўна, ліфт не працуе, бо дзед прыехаў у госьці і паднімаўся сваім ходам з торбамі (заходні дзед з торбамі — "кошыкі з ласункамі, прысмакамі" — труба!) За хлебам бегаюць у краму "накормленыя чыноўнікі". Грошай ня маюць на пляшку каньяку...

Калі сына "трэба да доктара", маці кажа: "тут не дактары, а гангстэры" (ну з паліклінікі Заводзкага раёна прыехала — як у Гогаля: ("Толстой и после него Тютчев, весьма умный человек, тоже заметили, что москвич уже никак бы не сказал "два русских мужика").

І гэтак далей! Не кажу ўжо пра ідэі. Што ж нам гналі!!!

А мы ж чыталі. І лічылі Макаёнка прагрэсіўным і "крутым".

Так што, можа, быць трошачкі цярплівей да тае гэнэрацыі, якая валіць на футбол з "анучамі, зьнятымі з плоту"?..

Хаця ім ёсьць дзе даведацца праўду. І бел-чырвона-белыя яны ўбачыць могуць. І дзе жывуць "накормленыя чыноўнікі", ведаюць.

ЯК СТАНОВЯЦЦА ЧАЛАВЕКАМ

БонхёфэрКалі чалавек сапраўды кідае ўсякія намаганьні некага зь сябе вырабіць — сьвятога, ці былога грэшніка, ці верніка, праведніка ці няправедніка... калі, завалены справамі, пытаньнямі, посьпехамі ці няўдачамі, дасьведчаньнем і праблемамі, чалавек кідаецца ў абдымкі Божыя... тады ён прачынаецца з Хрыстом у Гефсіманіі. Вось што такое вера, і вось як ён становіцца чалавекам і хрысьціянінам.

Дытрых Бонхёфэр (1906-1945)


Я падкрэсьліваю: "чалавекам" так становяцца. Бо занадта шмат навокал "хрысьціянаў", "сьвятых", "навернутых грэшнікаў" і г.д., якія "чалавекамі" пакуль што не сталі. І станавіцца ня зьбіраюцца.

Нават Пілат гэта разумеў. "Ecce homo!" значыць, што не так часта ён і навакол сябе, і ў люстэрку бачыў "гомаў".

А так і навакол, і ў люстэрку — усё больш чалавекападобныя :-(


А ў сэньсе біблійным (аб якім нам тут Бонхёфэр нагадвае) няма розьніцы паміж чалавекам і хрысьцянінам. Сапраўдным чалавекам і сапраўдным хрысьціянінам. І ня трэба насіцца са сваёй сьвятасьцю, "былойгрэшнасьцю", "вераю", "праведнасьцю", "няправеднасьцю" і г. д.

ШЧЫРАЕ АД НЯШЧЫРАГА

John Stott 
Вычытаў у Стота і ўзрадаваўся:



“The hour of his [sc. God’s’] judgment is the time for separating or sifting the true from the false” (John Stott. The Incomparable Christ. p. 205.)



Вось яно!

Не хрышчоных ад нехрышчоных будуць аддзяляць, не "адроджаных" ад "неадроджаных", не "духоўных" ад "плоцкіх", не "хрысьціянаў эвангельскай веры" ад "хрысьціянаў веры эвангельскай", а ўсяго толькі ўсё праўдзівае, шчырае ад непраўдзівага й няшчырага. І ў нашай душы таксама аддзеляць усе "пантЫ" ад таго сапраўднага, што ўсё ж такі недзе ліпіць і, бывае, на паверхню і ў жыцьцё прарываецца.

Дзеля гэтага варта жыць.
І верыць у гэта варта.

А так Стотава кніжачка сухаватая. Як і ён сам. Усё па пункціках. Але сустракаюцца дыяменты-росы. Яшчэ парачку выкладу.

About Me

My photo
Інтарэсаў у мяне шмат, але адразу хачу заўважыць, што астралёгія ў іх аніякім бокам ня ўлазіць, таму гэта ня я знакі Задыяка тут паставіў, а гаспадары блога.